ДЫЯЛЕКТАЛАГІ́ЧНЫ А́ТЛАС лінгвістычны атлас, сістэматызаваны зборнік дыялекталагічных карт пэўнай тэрыторыі, якія паказваюць пашырэнне асобных дыялектных асаблівасцей адной мовы ці комплексу моў. Падзяляюцца на некалькі тыпаў. Д.а. адной мовы, або нацыянальныя: «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.​А.​Бузука (1928), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (т. 1—4, 1993—97). Д.а. рэгіянальныя, якія ахопліваюць частку тэрыторыі, адной або некалькіх моў: «Атлас усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—5, 1980—95; выд. працягваецца), «Параўнальнае вывучэнне геаграфіі слоў (Палессе—Мазоўша)» І.​Тарнацкага (1939), «Лінгвістычны атлас Ніжняй Прыпяці» Т.​В.​Назаравай (1985) і інш. Д.а. групы роднасных моў: Агульнаславянскі лінгвістычны атлас (АЛА; выходзіць у серыях — лексікасловаўтваральнай і фанетыка-граматычнай; вып. 1—2, 1988—90; выд. працягваецца). Д.а. тэрыторый, на якіх бытуюць гаворкі як роднасных, так і рознасістэмных моў: Лінгвістычны атлас Еўропы (ЛАЕ, вып. 1—6, 1983—97; выд. працягваецца).

Ф.​Д.​Клімчук.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)